СЯРЭДНЕСІБІ́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі. Займае пераважную ч. Усх. Сібіры ў Рэспубліцы Саха (Якуція), Краснаярскім краі і Іркуцкай вобл. Абмежавана на Пд хр. Усх. Саяна, Прыбайкалля і Забайкалля, на З — Зах.-Сібірскай раўнінай, на Пн і У — Паўн.-Сібірскай нізінай і Цэнтральнаякуцкай раўнінай. Пл. каля 3,5 млн. км. Знаходзіцца ў межах Сібірскай платформы. Пераважаюць выш. 500—700 м. Характэрна чаргаванне шырокіх плато і кражаў (Енісейскі краж, Вілюйскае плато; найб. выш. 1701 м — на плато Путарана).
Распаўсюджана шматгадовая мерзлата. Клімат рэзка кантынентальны. Радовішчы карысных выкапняў: нікелевыя і медныя руды (Нарыльск), жал. руды (Ангара-Піцкі басейн і Ангара-Ілімскі р-н), кам. вугаль (Тунгускі, Чаромхаўскі і інш. басейны), алмазы, графіт, кам. соль, прыродны газ. Рэкі бас. Паўн. Ледавітага ак.; буйнейшыя — Ніжняя і Падкаменная Тунгускі, Ангара, Лена з Вілюем, Хатанга. Пераважае лістоўнічная тайга; на Пд хваёва-лістоўнічныя і хваёвыя бары. На Пн горная тундра, на Пд у далінах участкі лесастэпу і стэпаў. Ёсць заказнікі і запаведнікі.
т. 15, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)